сергей кудрявцев
Дэмакрат, якога мы страцілі
Прадстаўнікі старажытнага і магутнага роду Сапегаў былі не толькі багацейшымі людзьмі свайго часу. Яны збіралі ўнікальныя бібліятэкі і творы мастацтва, развівалі тэатр і культуру ўвогуле. 460-гадоваму юбілею адного з самых знакамітых Сапегаў была прысвечана выстава ў горацкай раённай бібліятэцы імя М. Гарэцкага.
Парой некаму можа здацца, што ў беларусаў не так ужо і шмат важкіх прычын для сапраўднага нацыянальнага гонару. Дык пэўна варта часцей нагадваць, што гэта зусім не так. Напрыклад, многа хто чуў са школьнага курсу гісторыі пра знакамітыя статуты Вялікага Княства Літоўскага. А ці шмат людзей трымае ў галаве пра тое, што трэці з іх стаўся насамрэч узорам для шматлікіх еўрапейскіх краін.
Справа сапраўды ўнікальная — ажно у 1588 годзе на тутэйшых землях з'явіўся такі наватарскі дакумент, які да цяперяшняга часу застаецца крыніцай дэмакратычнай прававой думкі. І быў ен настолькі дасканалым, што афіцыйна дзейнічаў на нашай тэрыторыі да 1840 году.
Сення ў свеце налічваецца не больш за 30 арыгінальных экзэмпляраў гэтага знакавага дакументу. Нядаўна гэты помнік і сімвал культурнага значэння вярнуўся ў Беларусь. Арыгінальнае ранейшае выданне на старабеларускай мове было выкуплена і сення захоўваецца ў Магілеўскім гістарычным музеі.
Есць свая сціплая версія легендарнага Статуту і ў раённай бібліятэцы — тут можна пазнаёміцца з яго факсімільным энцыклапедычным выданнем савецкіх часоў.
А на днях у чытальнай зале прайшла выстава, прысвечаная 460-годдзю з дня нараджэння ініцыятара і непасрэднага рэдактара першай еўрапейскай Канстытуцыі — Льва Сапегі. Чалавека, дзейнасць якога заслугоўвае пашаны і гонару з боку кожнага сучаснага беларуса.
Моцная і неардынарная асоба Льва Іванавіча пакінула нязгасны след у гісторыі, паўплывала на многія важныя палітычныя ды культурныя працэсы таго часу. Таму не дзіва, што пра вялікага канцлера напісаны тысячы навуковых прац і дзясяткі кніжак.
Названая выстава не можа пахваліцца нейкімі каштоўнымі ці рэдкімі выданнямі, аднак сёе-тое пачытаць пра знакамітага земляка абавязкова знойдзецца.
Вось, напрыклад, некалькі кніг Вітаўта Чаропкі пра ўладароў ВКЛ — з іх можна даведацца пра тое, як Сапега прыняў актыўны ўдзел у стварэнні вышэйшага суда княства, Галоўнага Трыбунала. Ці, напрыклад, прачытаць гісторыю, як па прыказу Сапегі былі перапісаны ўсе кнігі Метрыкі Вялікага Княства — гэта дазволіла захаваць 565 тамоў унікальных дакументаў беларускага Сярэднявечча.
А вось таўсценная "Анталогія даўняй беларускай літаратуры" — яна раскрытая на старонках з лістамі Льва Іванавіча да Язафата Кунцэвіча. Гісторыя іх узаемаадносін пачалася з вострай палемікі падчас рэлігійнага канфлікту паміж католікамі і уніятамі. Сваімі талерантнымі поглядамі на тую праблему Сапега апярэдзіў эпоху на сотні гадоў. Дарэчы, Кунцэвіч не прыслухаўся да яго папярэджванняў і быў забіты ў выніку паўстання. І менавіта Сапега ўзначальваў камісію па расследаванні гэтай справы.



Адзін з аркушоў легендарнага Статуту 1588
Адным з нечаканых экспанатаў выставы стаўся нумар часопісу "ДзяржКантроль", у якім быў змешчаны даволі дасканалы артыкул пра жыццёвы шлях юбіляра пад назвай "Здабыць свабоду можна толькі стаўшы нявольнікам права".
Сярод іншых цікавых выданняў на экспазіцыі трэба адзначыць "Сапегіяну: кнігазбор роду Сапегаў" — кампактдыск з электронным каталогам 250 кніг з радавога маёнтка Сапегаў у мястэчку Кодань, якія захоўваюцца ў фондзе расійскай Нацыянальнай бібліятэкі, поўнатэкставыя копіі некаторых найбольш каштоўных выданняў, а таксама матэрыялы па генеалогіі, бібліяграфіі гісторыі роду Сапегаў і іх бібліятэк.
Горки. Библиотека. Буквозавр.
Made on
Tilda